Я гляджу на сьляды ад стратэгічных ядзерных ракет у небе. Ня ведаю, ці гэта сон, ці яны сапраўды пакідаюць за сабой белыя хвасты, як самалёты.
Я павінен ужо быць мёртвым. Дакладна ведаю, што першыя ракеты ўжо даляцелі. Сталіцы больш няма, варожай – таксама. Гэта апошняе, што перадалі па радыё перад тым, як усе электрычныя прыстасаваньні згарэлі.
Чаму я яшчэ жывы? Як гэта магчыма?
Не, гэта мяне ўжо не хвалюе. Безь яе не мае сэнсу працягваць жыць.
Ці жывая яна? Спадзяюся, што яна загіне апошняй.
Гэта сапраўды канец. Складана было паверыць, але вось ён. Нянавісьць перамагла, і зараз ад нашай плянэты застанецца толькі радыёактыўны попел.
І гэта ўсё з-за мяне.
Здаецца, надышоў час прагледзець апошняе кіно з успамінаў свайго жыцьця.
Дзяцінства памятаю дрэнна, бо хутка стаў сіратой у час вайны. На такое хацелася забыцца, ды амаль што атрымалася. Але час ад часу сьнілася, як бацькоў разносіла на рэшткі ад ракеты.
Я заўсёды быў адзін. Неяк не атрымлівалася завесьці сяброў. Ні ў інтэрнаце, ні пасьля.
Як вайна сконьчылася, улады паставілі ў дэмілітарызаванай зоне на мяжы амбасаду. Маўляў, сымбаль сканьчэньня вайны. Я пайшоў туды працаваць адразу пасьля выпуску з інтэрнату, бо нікуды больш ня бралі. Здаецца, ніхто не хацеў ісьці працаваць побач з былымі ворагамі. Я не разумеў гэтага, мне проста былі патрэбныя грошы.
З супрацоўнікамі іньшай амбасады мы нават позіркамі не абменьваліся. Ці ім агідна было ў мой бок глядзець, ці яны проста намагаліся не правакаваць нікога зь іньшага боку. Мірныя перамовы былі вельмі цяжкімі, таму нават невялічкае здарэньне магло стаць нагодай для новай вайны. Улады абедзьвюх краін не хвалявала, што іх грамадзяне гінулі ў асноўным ад вайны, не ад хваробаў, ды што ад абедзьвюх краін засталіся адныя руіны. Я не разумеў гэтай нянавісьці, таму проста намагаўся рабіць на працы як мага меньш, але дастаткова, каб ня звольнілі.
Чамусьці распачаў паліць цыгарэты ў першы год службы. Супакойвала неяк, каб ня звар’яцець ад атмасфэры ў амбасадзе. Я хаваўся ва ўнутраным двары, дзе праз плот з калючым дротам было бачна міннае поле, ды на пяць хвілін знаходзіў сабе камфорт.
Аднойчы, калі выходзіў па цыгарэту, сутыкнуўся з дзяўчынай. Я вырашыў, што яна згубілася ў час сумоўя для працы, бо яна была апранутая ня ў афіцыйнае адзеньне, а ў вельмі дарагія рэчы. Яна паводзіла сябе вельмі лёгка, нібы не было той цяжкай нянавісьці ў паветры, якая праглынала ўсе магчымыя пазітыўныя эмоцыі. Мы паразмаўлялі крыху, яна дапаліла цыгарэту ды сышла.
У наступны дзень я даведаўся, што яна была дачкой амбасадара іньшай краіны. Бацька ўладкаваў яе да сабе, каб сачыць за яе паводзінамі, ці штосьці накшталт гэтага. Хтосьці разводзіў плёткі, напэўна, падумаў я тады. А потым убачыў тую дзяўчыну зноў, на тым жа месцы, што ўчора, толькі ў адзеньні супрацоўніка амбасады з іньшага боку. Я трохі спужаўся, але ёй было фіялетава, хто я ды адкуль, ёй было, здаецца, проста прыемна раздзяліць цыгарку з кімсьці.
А я баяўся нават яе імя спытаць.
Яна шмат чаго ведала, шмат кніг чытала, заўсёды пра іх распавядала. Нават кнігі з нашай краіны. Зрэдку я мог таксама штосьці сказаць, але я ня мог доўга трымаць гутарку, таму больш слухаў. Яе голас быў мякькі ды прыемны, нібы яна не паліла зусім. Мяне гэта супакойвала больш, чым аніякія цыгарэты.
Я заўсёды хваляваўся, каб нас не заўважылі разам, ці нават побач. Неяк шанцавала, што ніхто ня ведаў пра нашыя зносіны. Ды й ніхто больш не выходзіў паліць у той дэпрэсіўны дворык. Мы таксама намагаліся не глядзець на тыя міны па-за плотам, бо побач зь імі можна было заўважыць адарваныя ногі ці рукі, ці шкілеты ў форме абедзьвюх краін. Часам былі чутныя стрэлы ці выбухі, бо хтосьці ў цывільным намагаўся перабегчы ў іньшую краіну і трапляў на патруль аховы ці шальную міну. Здаецца, каб ведалі, што за мяжой ніколькі ня лепш, памерлі б дома ад голаду. А так той нябожчык будзе ляжаць як напамін пра вайну яшчэ некалькі тыдняў, пакуль крумкачы не зьядуць канчаткова. Катастрофа ў аніякім выпадку.
Я кожны дзень ванітаваў спачатку з-за гэтай сьвядомасьці, калі вяртаўся дадому. Але тая загадкавая дзяўчына давала нейкую цёплую надзею на лепшае, як адзіны праменьчык сонейка праз чорныя хмары.
У адзін летні дзень яна сказала, што ў яе сконьчыліся цыгарэты. Я вырашыў, што нельга будзе аддаць ёй цэлый пачак, бо такіх няма ў яе краіне, а самі цыгарэты вельмі падобныя, таму пазычыў толькі дзьве. Яна дапаліла адну зь іх моўчкі, а потым сказала:
– Сёньня ў мяне дзень народзінаў.
Маё сэрца ў той момант спынілася на імгненьне.
– Я не магу, на жаль, табе нічога падарыць… – змог толькі прамямліць я.
– Ты ўжо падарыў. Я буду заўсёды яе захоўваць як скарб. Дзякуй вялікі.
Яе ўсьмешка ў той момант і дагэтуль у маіх вачах. Падобная на мяккае марозіва, якое мы ў інтэрнаце бачылі ў даваенных часопісах і марылі паспрабаваць. Мяккая, салодкая, ледзь цёплая, але недасягальная.
Канфлікт у маёй галаве павялічваўся. Як бы мне не хацелася штосьці ёй сказаць, я ня мог з-за дурных уладароў маёй краіны, якія зрабілі нас ворагамі бяз нашае згоды.
– Я ведаю, хто ты, – сказала яна. – Табе нельга размаўляць ні з кім з нас, інакш будзе кепска. Але ты адзіны ва ўсім сьвеце, хто падтрымлівае мяне зараз. Таму мяне не хвалююць наступствы. Я бяру ўсю віну на сябе, нават калі тут няма нічога, за што было б варта пакараць. Толькі не пакідай мяне адну, калі ласка.
У яе вачах зьявіліся сьлёзы.
Званітаваў крывёю. Значыць, усё ж працуе радыяцыя. Але няшмат часу засталося.
Праз дым бачу яшчэ процьму ракет у небе праз дзіру ў сьцяне. Хтосьці страляе з кулямёта на вуліцы. Навошта?..
Хіба ў кагосьці яшчэ засталося штосьці, за што варта змагацца? Ніхто нават у сховішчы ня лез, калі пачалася паветраная трывога. Ляжаць зараз побач са мной. Нібы моляцца ў падзяке, што іх пакуты так хутка сконьчыліся, хапіла адной ракеты. Шчасьліўцы. Мне вось не хапіла.
Зноў паднімаю галаву ўгору. Адна з ракет, якая ляцела з таго боку, нешта занадта высока зараз. Звычайная зброя так ня вылятае.
Надзея праляцела ў галаве. Ці ж гэта ня з боку іхняга касмапорта? Ці ж гэта не транспартны карабель так вылятае на арбіту?
Можа, і яна там зараз?
Мы працягвалі сустракацца зь ёю патаемна за цыгаркай ды зрэдку кубкам гарбаты. Яна кожны раз нібы ззяла, як бліскавіца пасярод цёмнай начы. Мне было прыемна проста глядзець ёй у вочы, чуць яе ціхі сьмех. Месяцы ішлі такім чынам, а мы абодва атрымлівалі асалоду ад такога жыцьця, цанілі кожнае імгненьне, нягледзячы ні на што.
Аднойчы яна не прыйшла на нашае месца тры дні запар, а на чацьвёрты ўсё-ткі прыйшла, але вельмі сумная. Мяне зноў нібыта паралізавала ад непакою за яе.
Яна ціха спытала мяне:
– Ты чакаў мяне?
Я змог толькі кіўнуць.
– А навошта?
Я адкрыў рот, каб адказаць, але словы выцеклі адтуль бязгучна, і мне стала вельмі сорамна за сябе.
Яна ўсьміхнулася:
– Добры ты хлопец. У вачах усё напісана, як у кніжцы. Я спадзявалася на гэта. Я таксама цябе кахаю.
Я ледзь ня помер там. Яе здольнасьць палажыць на словы ўсі пачуцьці, якія цяклі праз мяне на працягу ўсяго таго часу, што мы былі побач, уразіла мяне да слёз.
Яна падышла бліжэй і абняла мае плечы.
– Усё будзе добра, – шапнула яна і сышла.
Я ня мог паверыць у гэта. Чым я мог прывабіць такую дзяўчыну? Навошта я дазволіў сабе закахацца? Гэта ўсё ня мела ніякай рацыі, але мне ўжо было ўсё роўна.
Потым яна расказала, як бацькі прымушалі яе працаваць у амбасадзе, прыкрываць папяровы сьлед падрыхтоўкі да новай вайны. Я не быў зьдзіўлены, бо з нашага боку хтосьці рабіў тое ж самае, і яна пра гэта ведала. Яна не хацела мець нічога агульнага з гэтай вайной, яна не разумела, у чым была розьніца паміж нашымі краінамі ды іх грамадзянамі, якая была б вартая такой нянавісьці. Сяброў у яе не было, бо яна заўсёды была побач з бацькамі, якія расплянавалі яе жыцьцё ад пачатку да канца, і гэты плян ня меў ніякага дачыненьня да таго, чым бы яна сама хацела займацца. Яе калегі таксама пагардліва адносіліся да яе, маўляў, бацькі ўладкавалі, значыць, дрэнь. У адзіноцтве яна правяла большасьць свайго жыцьця, таму яна ціха плакала з-за ўсяго гэтага жаху, ніколі не паказваючы свой боль.
Мне хацелася толькі трымаць яе ў абдымках ды цалаваць да сканьчэньня часу, але наш перапынак заўсёды раптоўна парушаў нашую ідылію.
Аднойчы я прыйшоў у амбасаду, і паветра там было яшчэ больш напруджаным, чым звычайна. На стале сакратаркі ўбачыў ранішні часопіс, дзе на вокладцы быў фотаздымак нас з той дзяўчынай, дзе мы цалуемся ва ўнутраным дворыку ў час перапынку. Не было бачна нашых твараў, толькі шэўроны. Я ледзь стрымаўся, каб не закрычаць.
З боку іньшай амбасады пачуліся гучныя крыкі: хтосьці эмацыйна сварыўся. Я ўбачыў, як тая дзяўчына выбегла з кабінета амбасадара, ськідаючы куртку з шэўронам на падлогу. Яна некалькі імгненьняў глядзела ў вочы аднаму з ахоўнікаў з нашага боку перад тым, як канчаткова сысьці з амбасады.
Я зразумеў адразу, што яна такім чынам выратавала мяне. Таго хлопца, на якога яна глядзела, адразу ўвялі кудысьці, і я пачуў глухія стрэлы з-за сьцяны. Больш ён не вярнуўся.
На наступны дзень нам паведамілі, што амбасада зачыняецца. Я зразумеў, што ўлады выбралі гэты інцыдэнт, каб распачаць вайну ізноў. Каб ня гэта, так штосьці б іньшае зрабілі, магчымей за ўсё, але мне лягчэй ад гэтага ня стала.
Праз тыдзень паляцелі ракеты.
На хвіліну згубіў прытомнасьць, і прачнуўся зноў ад новых выбухаў у далечыні. Яшчэ даляцела штосьці.
Паветра было поўнасьцю чорным, толькі вогнішчы з суседніх будынкаў зрэдку размалёўвалі яго чырвоным.
Чаму ж я так трымаюся за гэтае жыцьцё? Засталіся ж толькі шкадаваньні.
Я так і не пазнаў яе імя.
Я так і не сказаў ёй, як я яе моцна кахаю.
Успомніў пра касьмічны карабель. Надзея на тое, што яна выжыве ў гэтым пекле, выняла астатнія сілы. Але хоць памру з усьмешкай на вуснах.
А апошняе паветра няхай пойдзе на тры самыя важныя словы.