Пялёсткі сакуры змываюцца дажджом з брукаванкі. Праяжджала дрэва дзьве вуліцы таму, значыць, лье як мае быць, хоць і ня так чутна праз шкло кавярні.

Як жа своечасова перапынак зрабіла.

Матацыкл прыпаркавала пад намётам, стаіць там ды зьзяе сьвежай ружовай фарбай зь бліскучымі налепкамі айдалаў. Бо як жа бяз свагі.

Мне падносяць паўлітровы кубак латэ з салёнай карамельлю. Барыста намаляваў на пенцы эмблему майго двухколавага. Вар’ят, але дзякую яму са шчырай усьмешкай.

Унутры няшмат людзей, але ўсе хутаюцца ў коўдры за ноўтбукамі. Плённа працуюць, напэўна. У салідарнасьці зь імі гучна сёрбаю каву.

Дзяўчынкі са старшай школы просяць сфоткацца з шаломам. Я не для таго кастаміла, каб адмаўляцца. Сёстры маюць густ.

Мы абмяркоўваем анімэ, пэрсанажку зь якога я аэрографам намалявала на задняй частцы шалома, і яны сыходзяць проста ў залевы ды забягаюць у суседні будынак.

Дэсэрты на вітрыне вабяць, і бяру сабе яшчэ й чызкейк з чарніцамі. Выглядае акурат як у тым фільме. Шкада нават есьці, але ня стрымліваюся.

Цеплыня запаўняе ўсё. Кава прыгрэла знутры, экіпа сагравае цела, а салодкае прытульвае мазгі.

Пешаходы без парасонаў усьміхаюцца, пакуль мокнуць да апошняе ніткі. Нават зайздросна неяк, бо мой камбінэзон не прапускае ваду.

Прамяні сонейка прабіваюць хмары, і над дахамі зіхаціць кавалак вясёлкі. Прыгадваю старую легенду пра золата лепрыконаў. Стоадсоткава канец той вясёлкі паказвае якраз на гэтую ўтульную кавярню. Дождж прыціх, можна было б выяжджаць, але вядро з кавай яшчэ напалову поўнае. Не разьлічыла, але няхай, смачна – гамон.

На суседняй вуліцы прагрымеў трамвай. Даўно іх ня бачыла. Тут, у Віцебску, яны нібыта пранікаюць паўсюль. Пажылыя, але жвавыя, гучна шмыгаюць праз заторы. Калі застануся тута на колькі дзён, дык абавязкова пакатаюся.

Задняй думкай згадваю плян. Быў калісьці маршрут, з раскладам ледзьве не па хвілінах. Але пасьля таго, як ва Ўшачах на пяць хвілін спынілася, каб дзікіх яблыкаў пакаштаваць, ды засталася сьвяткаваць разам з тамтэйшымі чыёсьці вясельле, хачу цяпер толькі дзеля такіх прыгод рухацца па краіне. Сёньня туды паеду, заўтра – халера яго ведае. Сьпяшацца больш няма куды, ды й ня надта хацелася б.

Пакуль назіраю за вуліцай ды дапіваю латэ, заўважаю, як жа хораша проста тут і проста цяпер. Не пасьпела пачаць вандроўку, а ўжо як быццам знайшла пункт прызначэньня.

Але бак яшчэ поўны, зорачкі на мапе прывабна зіхацяць, таму вяртаю посуд да стойкі, дзякую барысту ды саджуся на матацыкл. Куды паеду, да канца ня ведаю, але вярнуся сюды абавязкова.

Такі шлях.