Безназоўны.

Безьзямельны.

Бязглузды.

Тэлефон на бязгучным быццам тыкае тварам вобземлю.

Сёмая раніцы, субота. Зноў заседзеўся запозна.

Сон адмаўляецца канчацца, працягвае трымаць мяне ў ліпкіх лапах. Я магу толькі рэфлекторна выключыць будзільнік ды зноў праваліцца ў агідныя фантазіі супраць маёй волі.

Да вар’яцтва нуднае відовішча трымае мяне, як багна. Але ж прачнуцца не магу. А сон толькі зьдзекліва булькаціць ды накрывае мазгі атрутнымі газамі.

Трасца.

Атрымалася расплюшчыць адно вока ды зірнуць на гадзіньнік. Лічбы выклікаюць боль. Калі гэта лімб, то й пекла не патрэбнае.

Але наўрад ці лімб, бо дзе тады Вэргілій?

Незнаёмы голас з-за сьпіны шэпча:

– Добры дзень.

Ад нечаканасьці падскокваю.

– Вось і прачнуўся.

Невядомая жанчына сядзіць на падваконьні над ложкам ды глядзіць на мяне з усьмешкай. Ранішняе сонца гуляе зь ценямі на ейным твары.

– Ты хто?

– Якая розьніца? Што б не адказала, не паверыш.

Шмат пытаньняў бзыкаюць у галаве. Як яна залезла на шосты паверх ды адчыніла акно звонку? Ці гэта ўсё так жа сон? Навошта такія загадкі зранку даваць? А самае галоўнае:

– Што табе ад мяне трэба?

– Мне? Нічога. Гэта ты мяне клікаў.

– Зусім не.

– Годзе хлусіць. Твой стол выдае цябе.

Паварочваюся да вэрхалу, пад якім пахаванае маё працоўнае месца. Купкі спэцканай паперы ды сьмецьце ад змаляваных алоўкаў нагадваюць нейкую арэну, дзе біліся папяровыя големы. Але гэта толькі рэшткі штодзённай пагоні за…

– Муза? – услых пытаю жанчыну.

– Калісьці мяне сапраўды так звалі.

Трэба кідаць піць, думаю. Хоць і ня піў учора. Магчыма.

– А якая з муз?

– Тая, якой не лянота было так рана прылятаць.

Ды не, дакладна сплю яшчэ. Кусаю сабе губу, адчуваю пранізьлівы боль, але нічога не зьмяняецца.

– Сказала ж, што прачнуўся. А цяпер, даражэнькі, пачастуй госьцю віном, калі ласка, ды распавядай, што з табой ня так.

Не пасьпяваю нічога зразумець, як пытаю:

– Шарданэ ці піно нуар?

– На твой густ.

Мне не падабаецца ніводнае, але дастаю зь лядоўні колішнюю адкаркаваную бутэльку ды наліваю ў кававы кубак. Хай будзе піно нуар. Ціха спадзяюся, што яна зьнікне, пакуль я буду мітусіцца да кухні ды назад, але як вяртаюся ў пакой, яна ўжо сядзіць за маім сталом. Ейны твар па-ранейшаму прыкрыты вуальлю зь ценяў, апранутая яна па сёньняшняй модзе. На локцю трымае паліто.

Неяк хутка мне гэта стала падавацца нармальным.

– Дзякуй. – Яна бярэ кубак. – Ну, давай, майстар.

Менавіта, дарэмна зараз асэнсоўваць, што адбываецца. Падыграю вар’ятцы.

– Ды хіба ж унікальнае штосьці. Як закончыў акадэмію мастацтваў ды пачаў працаваць, згубілася кудысьці тая іскра, якая надавала жыцьцё маім творам. Закінуў сэрыю коміксаў, якую рабіў раней, бо ня мог нічога стварыць якаснага, на ўзроўні нават таго, што сам рабіў дагэтуль, пагатоў нейкіх замежных аўтараў. Спачатку выкладаў нешта, нават калі ня надта падабалася, а потым зусім ня мог нічога маляваць. На працы ж як той канвэер, вырабляю што просяць штодня ў вялікіх памерах.

– Як ты вызначаеш якасьць?

Нішто сабе яна пытае адразу.

– Ня ведаю дакладна. Няхай будзе тое, што ня хочацца адразу выкінуць. Альбо нешта, што адразу прыцягвае ўвагу ды чапляе так, што застаецца з табой на доўгі час.

– Як “Бэрсэрк” ці “Вартавыя”?

– Дакладна.

– А што яшчэ зьмянілася ў тваім жыцьці пасьля пачатку працы?

Не хачу ёй аб гэтым казаць, але ўздыхаю так, што яна разумее:

– Каханьне?

– Ня ведаю. Вар’яцеў ад яе, як той кот ад валяр’янкі. Але пакуль сабраўся проста штосьці ёй сказаць, яна ўжо замуж выйшла. Я так і не зразумеў, што гэта было за пачуцьцё.

– Я за столькі гадоў шмат такое чула. Але што паробіш, калі ты больш чульлівы за звычайных людзей. Першае каханьне разбурае на доўгі час рэгуляцыю пачуцьцяў, бо такое моцнае. Асабліва калі верыш ва ўсю тую лухту пра сапраўднае каханьне на ўсё жыцьцё. Яно працуе палівам для стварэньня. Але яно не адзінае, на шчасьце.

Нейкая псыхатэрапія атрымліваецца, ці што.

– Дык а што рабіць тады?

– Я не магу сказаць. Я проста вырашыла табе нешта перадаць. Ад усіх чытачоў, якіх кранулі твае творы да глыбіні душы. Адно слова: “Дзякуй”.

Гэтыя ейныя словы зьдзіўляюць больш за ўсё астатняе.

– Мы з іншымі музамі не хацелі, каб твая творчасьць згубілася назаўсёды. Таму мы вырашылі знайсьці цябе ды падтрымаць. Гэта нашая праца ў гэтым сьвеце, але столькі год мы робім яе па-за ценямі, нябачна. А калі хтосьці чапляе нас так, як ты, мы можам выйсьці на вочы. Твая іскра ўсё яшчэ жывая. Калі ласка, ня дай ёй згаснуць назаўсёды.

Яна ўстае ды пакідае кубак на стале.

– Дзякуй за гасьціннасьць, я пайду ўжо. Да пабачэньня.

Ківаю галавой, бо слоў не хапае.

Яна выходзіць з пакою ды зачыняе за сабою дзьверы. Адразу выбягаю ў калідор, але там нікога няма.

Усё яшчэ спадзяюся, што гэта быў сон. Але кубак на стале пусты, на ім засталіся сьляды ад віна. Ды цяпер у галаве процьма ідэй, якія карціць наўпрост сесьці ды намаляваць.