Неба ўжо прасьвятлела, пакуль мы ўцякалі ад расейскае папсы праз бары ў цэнтры ды апынуліся ў…

– Дык а дзе мы, дакладна?

– Похуй?

Ты запальваеш цыгарэту запалкамі, як паэтэса.

Ахоўнік крычыць пра забарону, але я адганяю яго пустой бутэлькай. Відаць, ніколі ня бачыў Dom Pérignon, адразу адчапляецца.

З усіх бакоў розныя біты б’юць па рэбрах. У галаве свой рэйв наогул.

Барвумэн выцірае назву кактэйлю з дошкі ля стойкі, маўляў, сконьчыліся. Ружа, набітая на ейнай руцэ, падаецца мне сапраўднай.

– Спадарыня, якія ў вас кветкі прыгожыя.

– Шаноўны, вырашайце ўжо, чаго хочаце, альбо піздуйце адсюль, калі ласачка.

– Шоты мо творчыя ў вас ёсьць?

– Толькі ліманчэла ды агурковыя.

– Курва, толькі не агурковыя, – ты стогнеш дымам у твар барвумэн.

– Тады вырашана.

Дзяўчына за стойкай варажыць нам шоты з жоўтай вадкасьцю. Не такой, як у крышталеўскім лікёры, а колеру скуры лімона, вялізнага такога, як той, што мы з табой у Італіі калісьці скралі з саду.

П’ем на брудэршафт. Добра зайшло, як фанта лімонная з абсалютам.

– Сьвяткуеце нешта? – пытае ў цябе барвумэн.

– Халера яго ведае. Нагода была спачатку, але цяпер проста добры настрой.

– Шанцуе.

У размытым тумане плаваюць рэдкія сылюэты людзей, якія ўжо накіроўваюцца да таксовак. Самыя дужыя працягваюць таньчыць з плястыкавымі кубачкамі.

– Твае цыгарэты пахнуць вішнямі ды сэксам, – заўважаю.

– Табе б толькі вішняў паесьці.

– П’яных, са дна бутэлькі, было б няблага.

Цытрусавы смак расьцякаецца па целе, цеплыня ад яго пераносіць у Маранэла, дзе мы з табой цалаваліся ля музэя Скудэрыі. Ты была шчасьлівая як дзіцё пасьля таго, як пабачыла балід Шумахэра, а я атрымліваў асалоду ад чырвані ды хуткасьці маёй новай чатырыста восемдзесят восьмай побач з тваёй заўсёды яскравай усьмешкай.

Хвіліну таму наш вечар здаваўся бясконцым, але цяпер я трэцім вокам бачу, як чорная бэнтлі вязе нас дадому.

Міргаю, і выява зьдзяйсьняецца.

Ты кажаш кіроўцы:

– Прабач, што выклікала, ён ужо трохі гатовы быў.

– Мне нармалёва яшчэ!

Міргаю зноў, і мы ляжым у маім пэнтхаўсе на канапе. Да ложку не хапіла імпэту дапаўзьці. Ты засынаеш першай, а я няспынна гляджу на твае вусны.

Апоўдні прачынаюся адзін.

Зноў.